Рэалiцi-мюзiкл на блiц-шпацыры
Чым адкажа наш Музычны на www-спектакль?
Прыхільнікі мюзікла, аперэты і сучаснага музычнага тэатра ўжо зараз могуць адкладаць грошы "на лета": у чэрвені, роўна на тры тыдні, прыедзе да нас на гастролі знакаміты Свярдлоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр музычнай камедыі, які яшчэ з савецкіх часоў лічыцца брэндам Урала (таму і не змяніў назву на Екацерынбургскі) і цяпер стаўся сапраўднай лабараторыяй мюзікла.
За апошнія чатыры гады там адбылося ажно восем сусветных прэм'ер, а за апошнія шэсць гадоў тэатр атрымаў 16 прэмій "Залатая маска" па розных намінацыях.
Тэатр, у штаце якога працуе 530 чалавек, а ў творчай трупе – больш за 200, уяўляе з сябе сапраўдны холдынг. Акрамя пашыранага складу аркестра, ёсць таксама ансамбль народных інструментаў, задзейнічаны ў спектаклях, джаз-студыя, арыентаваная на джазавыя спевы. Дый харэаграфічная трупа складаецца з дзвюх: танцоўшчыкаў з класічнай падрыхтоўкай і так званага "Эксцэнтрыкбалета" на чале з Сяргеем Смірновым, ужо добра вядомых на Беларусі. Гэты неардынарны калектыў неаднойчы станавіўся ўдзельнікам Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC), а яго кіраўнік – членам журы конкурсу ў рамках гэтага форуму. У час летніх гастролей таксама плануюцца самастойныя выступленні "эксцэнтрыкаў" са сваімі спектаклямі, у тым ліку ў Віцебску.
На сцэне ж Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра пройдзе больш за 20 паказаў дзясятка мюзіклаў і аперэт, раней не знаёмых нашым гледачам. З класікі – "Сіняя Барада" Ж. Афенбаха, "Цыган-прэм'ер" І. Кальмана. З сучасных прэм'ерных твораў – музычныя хронікі "Кацярына Вялікая" С. Дрэзніна, рэаліці-мюзікл "www.cіліконавая дура.net" А. Пантыкіна і К. Рубінскага. Прывязуць екацерынбуржцы і новыя творы, прысвечаныя нашай нядаўняй гісторыі: рамантычны шпацыр па Часе "Парк савецкага перыяду", музычную прытчу А. Пантыкіна "Храни меня, любимая" пра Вялікую Айчынную вайну. І гэта – далёка не поўны пералік!
– Вельмі хочацца, – сказаў пасля сустрэчы з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам дырэктар Свярдлоўскага тэатра Міхаіл Сафронаў, – каб наша супрацоўніцтва набыло яшчэ больш шырокую дзяржаўную аснову. Магло б стаць традыцыяй, да прыкладу, правядзенне Дзён культуры Свярдлоўскай вобласці ў Беларусі і, наадварот, Дзён культуры Беларусі ў нашым рэгіёне...
Пакуль жа сярод найбліжэйшых планаў – правядзенне ў 2013-м гастролей Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ў Екацерынбургу. На іх наш тэатр, дарэчы, збіраецца павезці адно новы рэпертуар (скажам, тыя ж "Дванаццаць крэслаў", што распачалі чарговы тэатральны сезон), які будзе зараз актыўна назапашвацца. Ну, а некаторых нашых маладых салістаў там ужо добра ведаюць: яны неаднойчы перамагалі на тамтэйшых міжнародных конкурсах артыстаў мюзікла і аперэты.
Надзея Бунцэвіч, "Культура", 19.11.2011