ПРЕССА

Зноў у Мінску

16 сентября 2015, Іна Ганчаровіч, "Голас Радзiмы"

Гастролі Свярдлоўскага дзяр­жаўнага акадэмічнага тэатра музычнай камедыі ў Мінску праходзяць з 5 па 30 верасня. На вялікай прэс-канферэнцыі, якая сабрала шмат журналістаў, уральцаў вітаў намеснік Міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік. Ён падкрэсліў, што дзелавыя стасункі паміж вядучымі творчымі калектывамі Беларусі і Свярдлоўскай вобласці перараслі ў прафесійную і чалавечую дружбу. Лепшым пацвярджэннем таму — абменныя гастролі нашых музычных тэатраў.

Пра багатую гісторыю тэатра, асаблівасці гастрольнага тура і тое, што лучыць тэатр з нашай краінай распавялі яго гендырэктар, заслужаны работнік культуры Расіі Міхаіл Сафронаў і галоўны дырыжор, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, лаўрэат прэміі “Залатая маска” Барыс Нодэльман. Як вядома, Свярдлоўская музкамедыя — тэатральны брэнд Урала. Пабудаваны ў 1933-м паводле загаду партыі пад дэвізам “Пабудуем мастацтва, свабоднае ад штампаў!”, тэатр даўно стаў самым вядомым сярод несталічных тэатраў Расіі. У тэатра, кажуць крытыкі ды паклоннікі, усё асаблівае, непадобнае да іншых. Там усё салідна і стабільна: ва ўсёй Расіі, напрыклад, больш няма тэатра, дзе за 80 гадоў змянілася ўсяго тры творчыя лідары. Гэта першы тэатр “лёгкага жанру”, які ў 46-м атрымаў Сталінскую прэмію, а ў 86-м стаў акадэмічным: нават Маскоўская аперэта атрымала такое званне пазней. Ніводзін тэатр вялікай Расіі не мае, як гэты, у сваім багажы аж 17 прэмій “Залатая маска”, вышэйшых тэатральных узнагарод краіны. Упершыню тэатр з Екацярынбурга, тады Свярдлоўска, быў у Мінску ў 1955-м, апошнім разам — у 2012-м. І вось ён зноў тут. “Шаноўныя сябры! — вітаў журналістаў на беларускай мове Міхаіл Сафронаў. — Мы прыехалі да вас, як вы разумееце, не па грошы, а па раскошу чалавечых зносін, па добрыя пачуцці. Прыехалі да свайго гледача, да людзей, блізкіх нам па духу, якія жывуць у такой цудоўнай краіне”. На мінскія гастролі прыехала больш за 230 чалавек: артысты, музыканты, творчы і тэхнічны персанал. Толькі для перавозкі дэкарацый — 8 фур. У рэпертуарную афішу ўключаны самыя яркія і паспяховыя пастаноўкі апошніх сезонаў, спектаклі, якія былі адзначаны тэатральнымі прэміямі Расіі. “Мы прывезлі і тыя спектаклі, якія выклікалі шквал эмоцый у мінулыя гастролі. Пра пажаданні мінчан мы ведаем і па асабістых зносінах, і па прэсе, і па водгуках у інтэрнэце”, — сказаў Міхаіл Вячаслававіч. Гастролі прадоўжацца амаль месяц: 10 спектакляў, у тым ліку дзіцячы мюзікл “Кошка”. У канцы — вялікі гала-канцэрт: мінчане ўбачаць і пачуюць лепшыя эпізоды з розных спектакляў. Адкрыў гастролі спектакль “Кацярына Вялікая”, зроблены “з імперскім размахам”: для яго давялося прывезці больш за 600 касцюмаў, 400 галаўных убораў і 250 пар абутку. Дэкарацыю Зімовага палаца, вышынёй 7 і шырынёй 8 метраў, везлі дзве фуры. У Мінск дастаўлена і царская карэта ў натуральную велічыню: стылявая копія карэт кацярынінскай эпохі. Акрамя спектакляў, якія праходзяць на сцэне Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра, на суд публікі прадстаўлены дзве канцэртныя праграмы вядомых калектываў, якія ўваходзяць у склад Свярдлоўскай музкамедыі: гурта “Изумруд” і вакальнага праекта NONSOLO. Музычны складнік гастроляў “расклаў па нотах” Барыс Нодэльман, галоўны дырыжор тэатра. Ён запэўніў: тэатр прывёз у Мінск шмат выдатнай і рознай музыкі. Падзяліўся Барыс Рыгоравіч і асабістымі перажываннямі. Аказваецца, у Беларусі ў яго родавыя корні: бацька нарадзіўся ў вёсцы Буйнавічы Баранавіцкага раёна. “Я даўно хацеў пабываць на радзіме бацькі, і ў 2012-м пад час маіх першых гастроляў у Мінск наведаў тыя месцы, — з тугою ў вачах распавядаў Барыс Рыгоравіч. — Ад вёскі нічога ўжо не засталося... Але на яўрэйскіх могілках я сустрэў старэнькую бабулю, якая расказала мне пра многія жахі, якія давялося перажыць жыхарам вёскі у гады вайны… І я дакладна ведаю: у Беларусі ў мяне ёсць яшчэ сваякі. У гэтую паездку я ўзяў вельмі старыя фатаграфіі, дзе на адваротным баку на ідыш зробленыя нейкія запісы. Збіраюся схадзіць у Мінску ў сінагогу, перавесці іх і, магчыма, я кагосьці яшчэ знайду”. І як у жыцці ўсё пераплятаецца! І як шмат, у прыватнасці, нас звязвае з уральскай зямлёй. Карэнны свярдлаўчанін ведаў пра Беларусь ад бацькі, ад Наталлі Гайды (народная артыстка Беларусі!), якую мінчане ў 1969-м перавабілі з Свярдлоўска. Генеральны дырэктар Свярдлоўскай музкамедыі Міхаіл Сафронаў — карэнны свярдлаўчанін, а закончыў тэатральны факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Ураджэнец Свярдлоўска Уладзімір Мулявін і яго знакаміты гурт “Песняры” праславілі Беларусь па ўсім свеце. Дарэчы, калектыў тэатра ўдзельнічаў у зборы сродкаў на помнік Мулявіну ў Екацерынбурзе. Гэтыя ды іншыя людзі сваімі талентамі, сваяцкімі сувязямі і дагэтуль злучаюць Урал з Беларуссю. Напрыканцы прэс-канферэн­цыі журналісты выкупалі ў авацыях маладых салістаў Марыю Вінянкову ды Ігара Ладзейшчыкава, якія спявалі фінальны дуэт Грэя і Асоль з мюзікла Максіма Дунаеўскага “Пунсовыя ветразі”. Дарэчы, і ў знакамітага пісьменніка Аляксандра Грына-Грынеўскага — беларускія родавыя карані…

 

 
Решаем вместе
Сложности с получением «Пушкинской карты» или приобретением билетов? Знаете, как улучшить работу учреждений культуры? Напишите — решим!